У панядзелак, 21 лістапада, афіцыйна быў апошні дзень, калі ў Беларусі працаваў «Макдональдс». Беларусы развітваліся з культавай сеткай, а ў рэстаранаў замалёўвалі і здымалі шыльды. Але раніцай аўторка аказалася, што «Макдональдс» нікуды не падзеўся і ўсё яшчэ прымае кліентаў. Расказваем, што вядома.
Пра тое, што рэстараны працягнулі працаваць, у панядзелак увечары ў рэдакцыю напісаў чытач. Мы патэлефанавалі ва ўстановы ў Мінску, Віцебску і Магілёве — усюды пацвердзілі, што сёння працуюць. А вось на пытанні пра тое, што будзе заўтра і чаму не прыйшла сетка «Вкусно — и точка», адказваць адмовіліся.
— Ці працуе сёння «Макдональдс»? Так, працуе, — адказалі ў мінскім рэстаране на праспекце Незалежнасці, 52.
— А заўтра да вас можна будзе прыйсці?
— Такой інфармацыі мы не маем.
Такі ж адказ нам далі ў віцебскім рэстаране.
— Мы працуем, калі ласка, прыходзьце. Больш ніякай інфармацыі няма.
Журналісты выдання Office Life зайшлі ў некалькі мінскіх рэстаранаў «Макдональдс». У рэстаранах на праспекце Незалежнасці, 23 і плошчы Бангалор заявілі, што сёння працягваюць працаваць. А ў рэстаране на Бангалор вярнулі на месца шыльды, якія знялі некалькі дзён таму.
Мы таксама патэлефанавалі ў кантакт-цэнтр расійскай сеткі «Вкусно — и точка». Там пра прычыны адмены адкрыцця ў Беларусі не ведаюць:
— Не змагу вам нічога падказаць, у нас такой інфармацыі няма.
Паводле інфармацыі супрацоўніка рэстарана «Макдональдс», з якім звязалася «Люстэрка», у штатным рэжыме сетка будзе працаваць яшчэ некалькі тыдняў. А сярод калектыву ўвогуле ходзяць чуткі, што пераходу пад брэнд «Вкусно — и точка» можа не быць.
— Усе рэстараны мусілі закрыцца ў панядзелак у 18.00, а ў 18.30 планаваўся сход супрацоўнікаў. Але дзесьці ў 17.55 паступіў званок з галоўнага офіса, сказалі, што рэбрэндынг пакуль адмяняецца, — расказвае ён.
Прычынаў такога рашэння суразмоўца не ведае. Мяркуе, што захаванне «Макдональдса» можа быць звязанае з нежаданнем казахскага франчайзі пакідаць рынак. Яшчэ адна версія — кіраўніцтва магло вырашыць праблемы з пастаўкамі, якія імаверна маглі стаць прычынай рашэння перайсці пад расійскі брэнд. Прынамсі, з 11 лістапада, сцвярджае суразмоўца, праблем з пастаўшчыкамі не было.
Нагадаем, 11 лістапада стала вядома, што «Макдональдс» сыходзіць з беларускага рынку. Яго месца мусіць заняць сетка фастфуду «Вкусно — и точка».Гэта расійская сетка рэстаранаў хуткага харчавання, адкрытая ў памяшканнях сеткі McDonald’s пасля яе закрыцця ў Расіі і продажу расійскага бізнесу прадпрымальніку Аляксандру Говару.
На думку аднаго з супрацоўнікаў, прычына такога рашэння — эканамічная: праз узрослыя выдаткі на лагістыку і праблемы з пастаўкамі беларускі бок палічыў мэтазгодным адмовіцца ад амерыканскай франшызы і «прадацца» расійскай сетцы.
Афіцыйна паведамлялася, што рэстараны пад брэндам «Вкусно — и точка» пачнуць працаваць у Беларусі 22 лістапада.
Між тым, падчас ушанавання аграрыяў 18 лістапада Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў закрыццё «Макдональдса». Ён упэўнены, што яго месца павінныя заняць беларускія прадпрыемствы і вытворцы.
— Але толькі месца «Макдональдса», дзе працуюць нашы людзі, нашы спецыялісты, дзе спажываецца наш тавар, павінныя заняць беларусы, — сказаў Лукашэнка. — <…> Беларусы! Запомніце, ніхто іншы. Мы самі павінныя рабіць тое, што калісьці рабіў гэты «Макдональдс», калі камусьці гэта трэба, і нават лепш.