1 лістапада праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што ў калоніі ў Магілёве памёр 22-гадовы грамадзянін Расіі, ураджэнец Алтая Дзмітрый Шлетгаўэр. У пасведчанні пра смерць напісалі «механічная асфіксія». Улетку Брэсцкі абласны суд прызнаў Шлетгаўэра вінаватым па артыкулах пра шпіянаж і спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, асудзіўшы на 12 гадоў. Сутнасць абвінавачанняў невядомая дагэтуль — працэс праходзіў у закрытым рэжыме. У гэты час у Дзмітрыя нарадзілася дзіця. «Сибирь.Реалии» паразмаўлялі са сваякамі і знаёмымі загінулага.
«Літаратуру, відаць, нейкую знайшлі, ды і ўсё»
Жыхары далёкай вёскі Пратасава Алтайскага краю, ад якога да Казахстана бліжэй, чым да любога расійскага горада, часта збіраюцца ля адміністрацыі абмеркаваць навіны. У гэты час года пагаварыць звычайна ўжо няма пра што — ураджай даўно сабралі, да новай пасяўной яшчэ далёка. Але нядаўна тут даведаліся, што ў беларускай калоніі памёр Дзмітрый Шлетгаўэр. Яго сям’я раней жыла тут.
— Дзімкі я не памятаю. Бацьку яго, Сярогу — так! Той заўсёды шукаў лёгкіх грошай. Але калі пра пацана нічога не памятаем, значыць, нешкадлівы быў! Значыць, яго падставілі, — кажа адзін з мясцовых, Андрэй Вагнер (імя змененае).
— Дзімка — шпіён? Да ну! Літаратуру, відаць, нейкую знайшлі, ды і ўсё, — дадае пенсіянерка Эма Гартліб (імя змененае). — Іру (маці Дзмітрыя. — Заўв. рэд.) шкада. Як такое перажыць?
— Іра ўсё жыццё ў адукацыі прапрацавала. Не магла яна здрадніка выгадаваць. Я яе добра памятаю. Калі яна яшчэ ў садку ў нас загадчыцай працавала. Дзеці заўсёды да яе хіліліся, — дадае яшчэ адна мясцовая жыхарка.
Дзмітрый Шлетгауэр разам з бацькамі Сяргеем і Ірынай, старэйшай сястрой Веранікай і братам Валерам да 2011 года жылі ў Пратасаве Нямецкага Нацыянальнага раёна Алтайскага краю.
Першыя немцы тут з’явіліся ў канцы XIX стагоддзя, а ў 1907−1910 гадах сюды прыехалі дзясяткі сем’яў «сталыпінскіх» перасяленцаў. Яны ехалі з Паўднёвай Украіны і Паўночнага Каўказа. У 1990-я ў раёне жыло 22 тысячы чалавек, каля 80% з якіх былі немцамі. Нямецкую мову на вуліцах можна было пачуць часцей, чым рускую. У райцэнтры Гальбштаце шыльды на крамах і дзяржустановах, а таксама на стэле на ўездзе па-ранейшаму напісаныя на дзвюх мовах. Урад ФРГ у тыя часы фінансава дапамагаў немцам, якія жылі ў Расіі.
— Я так думаю, Германіі было выгадней падтрымліваць вось такія нацыянальныя раёны, як у нас, ёсць яшчэ аналагічны раён у Омскай вобласці, са святамі, традыцыямі і гэтак далей, адпраўляючы сюды нейкія не вельмі вялікія для іх грошы, чым прыняць велізарную колькасць мігрантаў, якія адразу б селі на дапамогі. Так было да канца 1990-х. А потым фінансаванне зрэзалася. Калгасы дарэшты разваліліся. Працы не стала. І ўсе пабеглі. З’язджалі цэлымі сем’ямі. Цяпер у нас афіцыйна каля 30% немцаў у раёне. А суседка ў мяне наракае, што ўжо 25 гадоў няма з кім на роднай мове пагаварыць, бо ніхто не ведае нямецкай, — расказвае Андрэй Вагнер.
«Тыя, хто наносіў татуіроўкі, зазналі рэпрэсіі»
Шлетгаўэры пераехалі. Але не ў Германію, а ў Беларусь, вырашыўшы, што беларускі клімат ім падыдзе больш. У 2018 годзе Дзмітрый атрымаў беларускі ВНЖ, працаваў у Камянцы на прадпрыемстве па вытворчасці палімернай прадукцыі і ўпакоўкі.
23 лістапада мінулага года Дзмітрыя і ягонага брата Валерыя затрымалі. Са словаў сваякоў, у той дзень Дзмітрый адвёз сваю цяжарную жонку ў бальніцу і перастаў выходзіць на сувязь. Толькі праз некалькі дзён радня даведалася, што яго адправілі ў СІЗА. А Валерыя экстрадыявалі ў Расію.
— Гэта была добраахвотная дэпартацыя. Я думаю, ён бы не хацеў, каб яго згадвалі, — расказала «Сибирь.Реалии» сваячка братоў Ганна (імя змененае). Далей гаварыць пра Валерыя яна адмовілася.
— Не маю ніякай інфармацыі пра яго цяпер, — кажа знаёмая Валерыя Ксенія (імя змененае). Паводле яе, браты не ўдзельнічалі ў беларускіх масавых пратэстах у 2020−2021 гадах, не пісалі ніякіх пастоў.
Дзмітрыя абвінавацілі ў спрыянні «экстрэмісцкай» дзейнасці і шпіянажы. Сваякі і знаёмыя былі ў шоку.
— Ды які ён шпіён? Гэта проста смешна! Я столькі ўсяго начыталася пра Дзіму, чаго толькі не пішуць. Дзмітрый быў цудоўным чалавекам: добрым і сумленным. Заўсёды дапамагаў людзям, аддаваў апошняе. Для многіх быў прыкладам для пераймання. У асноўным ён сядзеў дома са сваёй жонкай. Ён быў не асабліва сацыяльным чалавекам, — расказвае сваячка Ганна.
Бацькі братоў перасталі выходзіць у сацсеткі, на пытанні журналістаў не адказваюць.
— Цяпер такая сітуацыя ў краіне, што людзі баяцца гаварыць. Баяцца наступстваў. Як кажуць, любое слова можа быць выкарыстанае супраць цябе ў судзе. А я б дадала, што не толькі супраць цябе, але і тваіх родных і блізкіх. Нават тыя, хто з’ехаў з краіны — баяцца, — каментуе беларуская актывістка Алеся Міцкевіч (імя змененае).
На думку блізкіх, экстрэмізм Шлетгаўэру інкрымінавалі праз татуіроўку чорнага сонца, якую ён набіў летам 2020 года, але пазней зафарбаваў (Чорнае сонца ў славянскай міфалогіі — сакральны сімвал, які паказвае сонца свету Наві, што не свеціць і не грэе. Гэты сімвал прысвечаны богу Зімовага сонца Калядзе. Выкарыстоўваўся і ў нацысцкай Германіі. У Беларусі гэты сімвал прызнаны нацысцкім. — Заўв. рэд.).
— Ён набіў сабе цэлы рукаў у скандынаўскім стылі, мабыць, гэта было часткай эскіза, — дадала суразмоўніца.
У ліпені гэтага года праўладны беларускі тэлеграм-канал «Шосты рэгіён» апублікаваў відэа з затрыманым за татуіроўку чорнага сонца тату-майстрам з Магілёва. Па якім артыкуле ён затрыманы і дзе цяпер знаходзіцца — невядома. Тэлеграм-канал «Право имеют» зафіксаваў больш за 25 затрыманняў і судоў за прызнаныя ў Беларусі нацысцкія сімвалы на целе ці ў сацсетках.
Адзін з затрыманых расказваў: «Я быў вельмі здзіўлены, калі да мяне прыйшлі сілавікі, бо быў упэўнены ў тым, што гэта памылка, бо адзіны момант, калі я парушыў закон, гэта быў пераход дарогі ў неналежным месцы. Супрацоўнікі патлумачылі мне, што рэч у маёй татуіроўцы „Чорнае сонца“, бо гэты сімвал прызнаны нацысцкай сімволікай. Я ніколі не прытрымліваўся нацысцкай ідэалогіі і катэгарычна супраць яе. Я цудоўна памятаю ўрокі гісторыі ў дзіцячым доме, ведаю і разумею, што нацысты зрабілі з нашымі продкамі. Я ніколі не прытрымліваўся апазіцыйных поглядаў і заўсёды быў і буду патрыётам сваёй Радзімы. Гэтую татуіроўку я зрабіў каля двух гадоў таму, і перад тым як набіць яе, я прачытаў, што яна з’яўляецца старажытным славянскім абярэгам».
«Людзей затрымліваюць кожны дзень»
Улетку 2024 года Дзмітрыя Шлетгаўэра судзілі. Беларуская сістэма правасуддзя настолькі закрытая, што не заўсёды вядомыя нават імёны асуджаных. У выпадку з Дзмітрыем не вядома нічога, акрамя таго, што яму далі 12 гадоў калоніі.
— З прычыны таго, як закручваюць усё ўнутры Беларусі, мяне не здзівіў той факт, што пра затрыманне не паведамлялі, — кажа праваабаронца, кіраўніца фонду «Краіна для жыцця» Вольга Зазулінская. — Мы ж нічога не ведаем: ні абставінаў, пры якіх затрымлівалі, ні сапраўднай прычыны затрымання, ні таго, што адбылося ў калоніі. Мы не ведаем, ці ціснулі на родных і блізкіх. Таму складана цяпер казаць, чаму пра гэты суд не ведалі. Важна іншае. У калоніі памёр палітвязень ва ўзросце 22 гадоў. Гэты хлопец у прынцыпе не мусіў там быць, калі б у Беларусі пасля 2020 года рэжым не пачаў тэрор у дачыненні да сваіх жа грамадзян. Як паказвае практыка, у Беларусі не трэба здзяйсняць злачынствы, каб цябе асудзілі. Так што складана агучваць здагадкі пра тое, што адбылося, магчыма, аднойчы мы гэта прачытаем у архівах, а магчыма, не даведаемся ніколі.
Дзмітрыя Шлетгаўэра праваабаронцы цэнтра «Вясна», Беларускага ПЭН, Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскага і «Прававой ініцыятывы» прызналі палітычным вязнем. Падстава — пазбаўленне волі было ўжытае з парушэннем права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабодаў, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй пра абарону правоў чалавека і асноўных свабодаў.
У верасні яго перавялі з СІЗА Брэста ў ПК-15 у Магілёве. А 11 кастрычніка знайшлі мёртвым. Вядома пра гэта стала толькі ў пачатку лістапада. Кіраўніцтва калоніі не паведаміла родным Дзмітрыя, што менавіта з ім здарылася. Паводле знаёмага сям'і, у пасведчанні пра смерць стаіць «механічная асфіксія». Часта такі запіс робяць пры самагубствах.
Сям’я, паводле знаёмых, не выключае, што яго забілі. Жонка Дзмітрыя наведвала яго ў СІЗА № 7 Брэста да і пасля суда. Сваякі ад яго не адварочваліся, пісалі лісты, адпраўлялі перадачы.
— Блізкія ўпэўненыя, што ён не мог гэта зрабіць. І са здароўем у яго ўсё было ў парадку. Да таго ж нядаўна ў яго нарадзіўся сын, — расказала сваячка Дзмітрыя Ганна. — Сям'я цяжка перажывае гора. Асабліва бацькі. Яго жонцы дапамагае спраўляцца маленькі сын.